Tuesday, August 23, 2016

Валанцёры-беларусы не дачакаліся ўкраінскіх дакументаў і папрасілі прытулак у Польшчы


22 жніўня 2016 г.

Два беларусы, што дапамагалі ўкраінцам на вайне, ужо тыдзень знаходзяцца ў польскім цэнтры для ўцекачоў.

Яны здаліся польскім памежнікам адразу пасля таго, як выехалі з Украіны. Цяпер валанцёры знаходзяцца ў закрытым цэнтры для замежнікаў у польскім памежным горадзе Пшэмысль. Belsat.eu праз тэлефон пагаварыў з валанцёрамі. Адзін з іх – Зміцер Белагорцаў, які не хавае свайго імя і прозвішча. Адразу ж Зміцер пачынае тлумачыць, чаму выехаў з Украіны.

Зміцер Белагорцаў: Два гады ва Украіне мы жылі без дакументаў. Паўстала пытанне, што нас дэпартуюць у Беларусь. Ніякага іншага выйсця ў нас не было, акрамя таго, як папрасіць прытулак у Польшчы. Мы прыходзім у міграцыйную службу Украіны, а нам кажуць: «Дакументаў у вас няма». І дасылаюць яшчэ пісьмовы адказ: «Едзьце ў Беларусь, аднаўляйце пашпарт». Маўляў, на дадзены момант вы знаходзіцеся на тэрыторыі Украіны незаконна.

Вы ж ведаеце, як працуюць украінскія органы: яны не апранаюць адразу ж кайданкі. Але кажуць: «Вы тут незаконна, у вас будзе дэпартацыя, заўтра ці яшчэ калі». А чалавек жа не можа жыць, калі ў яго няма дакументаў.

Ён не можа нідзе працаўладкавацца, не можа зняць жыллё. Любы паліцыянт спыняе яго на вуліцы: «Дзе твае дакументы?» Няма, і ўсё.

Belsat.eu: Як даўно вы ў гэтым цэнтры для ўцекачоў?

Зміцер Белагорцаў: Гэта не цэнтр (Strzeżony Ośrodek dla Cudzoziemców – заўв.), гэта турма (пакідаць тэрыторыю нельга – заўв.). Мы тут ужо тыдзень.

Belsat.eu: І вось у такой сітуацыі, ці не шкадуеце, што паехалі дапамагаць Украіне, а самі аказаліся там нікому не патрэбныя?

Зміцер Белагорцаў: Гэта пытанне рытарычнае: «што было б» ды «калі б». Справа ў тым, што я нікуды не паехаў. Я восем гадоў жыў ва Украіне, проста ў мяне грамадзянства беларускае. Як і ўсе іншыя мужчыны Украіны, калі гэта ўсё пачалося, палічыў сваім абавязкам ісці абараняць Украіну. І мне сказалі, што аформяць усе неабходныя дакументы. У мяне від на жыхарства ва Украіне, у мяне жонка грамадзянка Украіны, дачка грамадзянка Украіны, уласны дом пад Кіевам.

Але пашпарт у мяне беларускі, ён згарэў на вайне. Аднавіць яго я не магу, а ўкраінскія ўлады мне гавораць: «Едзьце ў Беларусь, аднаўляйце пашпарт». А адтуль мне тэлефануюць і кажуць: «15 гадоў мы вам ужо вызначылі, прыязджайце хутчэй, мы вас чакаем».

Belsat.eu: Ад каго прыходзяць такія паведамленні?

Зміцер Белагорцаў: Тэлефануюць нейкія людзі, з КДБ, відавочна. Нумар мой вядомы. Яго ж украінская Нацгвардыя два гады “зліла” ў «Кіберберкут» (хакерская група, якая атакуе сайты дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацыяў Украіны – заўв.). Там усе нашыя дадзеныя.

Тэлефануюць, прадстаўляюцца нейкімі незразумелымі журналістамі, распавядаюць, што ў вас нібыта праблемы, трэба, каб вы прыехалі ў Менск і тэрмінова іх вырашылі. У вашых сваякоў будуць праблемы.

Belsat.eu: Дык вы ва Украіне ўжо шмат гадоў былі. Ці крыўдна вам, што такая гісторыя здарылася?

Зміцер Белагорцаў: Ну вы ж бачыце: крыўдна ці не крыўдна – гэта нікога не хвалюе.

Belsat.eu: І што цяпер? Што вас чакае?

Зміцер Белагорцаў: Мы чакаем рашэнне польскіх уладаў аб прадастаўленні ці непрадастаўленні нам прытулку.

«Хацелася б, каб Украіна не псавала жыццё за тое, што ёй дапамагалі»

Пасля Зміцер перадае слухаўку свайму сябру, вядомаму як «Док».

«Док»: Наша рашэнне папрасіць прытулак звязанае з тым, што на працягу двух гадоў мы атрымлівалі адмоўныя адказы ад усіх украінскіх органаў. І скончылася гэта ўсё тым, што нам пачалі адкрыта пагражаць дэпартацыяй, бо мы не маем украінскіх дакументаў.

Belsat.eu: То бок вы паехалі дапамагчы Украіне, а вашую дапамогу ніяк не ацанілі?

«Док»: Шкадую, што так атрымалася. Вядома, хацелася б, каб Украіна як дзяржава не псавала жыццё за тое, што ёй дапамагалі. А выйшла акурат наадварот.

Belsat.eu: І якія шанцы, што Польшча дасць вам прытулак?

«Док»: Пакуль што цяжка сказаць. Бо з намі яшчэ не было ніводнага суразмоўя наконт уцякацтва. Пакуль мы яго чакаем. Але на яго можна чакаць доўга, нават некалькі месяцаў.

Belsat.eu: Вам таксама прыходзілі нейкія пагрозы з Беларусі?

«Док»: Пакуль быў ва Украіне, прыходзілі такія пагрозы, канешне.

Маю маму выклікалі на допыты ў КДБ і гэтак далей. За маёй кватэрай у Беларусі сачылі супрацоўнікі КДБ.

Belsat.eu: Ці адчувалі вы падтрымку народных украінскіх дэпутатаў і ці бачылі спробы вырашыць праблему легалізацыі валанцёраў і добраахвотнікаў з Беларусі?

«Док»: Справа ў тым, што нам дапамагала шмат народных дэпутатаў. Толькі адзінае, што маглі зрабіць людзі, якія хацелі нам дапамагчы, – напісаць зварот, папрасіць. Але ў выніку ўсё роўна ўсе рашэнні наконт грамадзянства прымае прэзідэнт Украіны.

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.