Sunday, March 13, 2022

«Адчуваньне, што мы ляцім проста ў прорву.» Падзеі ў грамадзтве вачамі беларусак

https://www.svaboda.org/a/31750596.html
 
13 сакавіка 2022 г.
 
Над галовамі суразмоўцаў Свабоды штодня кружляюць расейскія верталёты і самалёты, якія нясуць сьмерць ва Ўкраіну. Іх атачаюць прыхільнікі Лукашэнкі і Пуціна.
 
Іх атакуюць заклікамі з Украіны: «Беларусы, прачніцеся, пратэстуйце!». Пра тое, як цяпер выжываюць неабыякавыя беларускі і што адбываецца з грамадзтвам, гэтыя дзьве споведзі.
 
Гісторыя псыхоляга: «Пэнсіянэры, якія былі „за мірнае неба“, цяпер ухваляюць вайну»
 
«Я працую псыхолягам. Цяпер мне цяжка захоўваюць бесстароннасьць у размовах з кліентамі. Над нашымі галовамі штодня лятаюць вайсковыя самалёты і верталёты. Першыя дні было страшна спаць. Хто жыве бліжэй да аэрапорта, тым яшчэ горш, там днём і ноччу гул страшны.
 
Мае кліенты скардзяцца на бессань, трывогу. Прычым яны трывожацца часам за дзіўныя рэчы. Напрыклад, што будзе неўраджай чарэшняў, бо верталёты ляталі нізка і пашкодзілі галіны дрэў.
 
Ідзе моцнае разьяднаньне паміж людзьмі, нават у межах адной сям’і, асабліва паміж маладым пакаленьнем і пэнсіянэрамі. Апошнія практычна не карыстаюцца інтэрнэтам. Глядзяць тэлевізію і ня маюць ніякіх фільтраў. Людзі пажылога веку прыходзяць да мяне і пачынаюць хваліць Пуціна і Лукашэнку. Кажуць, што яны малайцы. Ва Ўкраіне нацысты, і гэтак далей. Сваякі з Расеі тэлефануюць і нахвальваюць Пуціна. Кажуць, што я нічога не разумею, ён ратуе Ўкраіну. На гэтай глебе многія сваякі перасварыліся.
 
Кліентаў у мяне пабольшала, бо значна ўзрасла ступень трывожнасьці і стрэсу. Некаторыя ўжо перасталі глядзець навіны ўвогуле, бо псыхіка не вытрымлівае ўсяго гэтага. Новы выклік для людзей і новы рост трывожнасьці зьвязаныя зь невядомасьцю — ці ехаць зь Беларусі, ці застацца; ці ўвогуле тут ёсьць будучыня; як кінуць працу і дом. На гэтай глебе таксама ідзе разлад паміж блізкімі людзьмі».
 
«Як добра, што аднаўляецца Савецкі Саюз!»
 
«Пэнсіянэрка адна сказала так: „Як добра, што аднаўляецца Савецкі Саюз! Вы, маладыя, гэтага ня можаце зразумець, потым будзеце нам удзячныя, бо імпарту ня будзе, а значыць — пабудуюць новыя прадпрыемствы, усіх забясьпечаць працай і мы будзем квітнець!“. Яна гаварыла, што добра было б, каб адключылі інтэрнэт: „Тады б людзі пачалі больш ужывую размаўляць“.
 
Пэнсіянэркі раней гаварылі, што яны за мірнае неба. Цяпер, па сутнасьці, ухваляюць вайну. Шкадуюць Пуціна. Маўляў, ён такі бедны, на сабе столькі цягне, на яго ўсе нападаюць, яму даводзіцца апраўдвацца.
 
Мне здаецца, неўзабаве многія людзі проста зьедуць з глузду ад супрацьлеглай інфармацыі. Моладзь лепш валодае інфармацыяй і ў большасьці супраць вайны. Але і моладзь не аднолькавая. Некаторыя расказваюць дагэтуль, што за пратэсты ў Беларусі плацілі. Чаму людзі вераць у байкі, хлусьню? Чалавек стварае для сябе найбольш выгодны сцэнар — каб апраўдаць сябе ці дзеяньні іншых, напрыклад міліцыянтаў, якія білі людзей. Гэта такі ахоўны мэханізм».
 
«У мяне асабіста ідзе моцная пераацэнка каштоўнасьцяў»
 
«Праз вайну ў людзей цяпер няма пэўнасьці і будучыня іхная туманная. Таму яны страчваюць веру, ня ведаюць, як жыць далей. Але яны чапляюцца за старое, напрыклад хваляцца, што з нагоды сьвята пэнсію далі раней.
 
Асабіста ў мяне і ня толькі ідзе моцная пераацэнка каштоўнасьцяў. Што нічога няма больш важнага, чым жыцьцё. Жыцьцё вартае жыцьця і таго, каб яго пражываць тут і цяпер. Пакуль мы не зразумеем, што галоўнае — гэта любоў і дабрыня, нічога добрага ня будзе. У людзей яшчэ ёсьць шанс усьвядоміць сябе і сваё жыцьцё, зрабіць пераацэнку каштоўнасьцяў. Не ва ўладзе справа, па вялікім рахунку, а ў кожным чалавеку і ягоным выбары на карысьць дабра ці зла».
 
Гісторыя супрацоўніцы прыватнай фірмы: «Кіраўнік сказаў зрабіць харчовыя запасы на шэсьць месяцаў»
 
«Трывога цяпер ва ўсіх нас сур’ёзная. У Гомлі самалёты кружляюць, за Гомлем — танкі езьдзяць. Самалёты, якія, хутчэй за ўсё, нясуць сьмерць ва Ўкраіну. Па горадзе езьдзяць санітарныя расейскія аўтамабілі. Наш кіраўнік фірмы сказаў, што ідуць цяжкія часы, і параіў купіць харчоў недзе на шэсьць месяцаў, каб захаваць грошы. На некаторыя тавары ўжо назіраецца ажыятаж. Людзі пачынаюць скупляць прадукты. Голых паліц пакуль няма, але паніка ёсьць. У горадзе правяралі бомбасховішчы. Ды і мы задумваліся, дзе хавацца, калі што. Сядзім на „трывожным чамадане“ і думаем, ці ўжо час ехаць, ці не».
 
«Я перажываю моцна ад уласнага бясьсільля»
 
«У тым асяродку, дзе я жыву, працую, нармальныя людзі. Усе перажываюць за Ўкраіну. Ніхто нармальны не выказваўся за вайну. Калі выказваюцца за вайну, гэта сто працэнтаў тыя, хто глядзяць тэлевізар. Людзі пачынаюць шукаць апраўданьня вайне — „там нацысты, там бандэраўцы“. Адразу па гэтых прыкметах можна вылічыць, хто глядзіць тэлевізар. Там рацыянальнае мысьленьне адсутнічае зусім.
 
Калі я чую заклікі: „Беларусы, зрабіце што-небудзь, пратэстуйце!“ — я моцна перажываю ад свайго бясьсільля. Што я магу зрабіць? Што можа зрабіць наш народ, згвалтаваны ўладай у 2020-2021 гадах? Хіба цяпер спыніліся рэпрэсіі? Проста няма ніякай магчымасьці выказацца! Выйду я на плошчу зь сябрамі — нас, як коцікаў, перадушаць тут жа.
 
Нашы людзі цяпер шукаюць любой магчымасьці хоць неяк дапамагчы ўкраінцам. Вазілі на мяжу харчы для памежных украінскіх вёсак. А так што рабіць? Пад танк кінуцца ці самалёт спыніць? Сэрца разрываецца... Я ня згодная з гэтай сытуацыяй, але выйсьця ня бачу, застаецца толькі маліцца. Сваякі з Украіны тэлефануюць і сварацца: „Чаму вы на нас напалі?“.
 
Што ў нас наперадзе? Пакуль рэзкага скачка цэн я не заўважыла. Але думаю, што наперадзе будзе так, што нашы заробкі ператворацца ў нішто. Такое адчуваньне, што мы ўсе проста ляцім у прорву».

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.